АРКТАТРАЦІ́ЧНАЯ ФЛО́РА,
існавала ад пач. палеагену да сярэдзіны неагену на сушы ў межах сучасных арктычных ускраін і ўмераных шыротаў Еўразіі і Паўн. Амерыкі. Вылучана О.Геерам па знаходках у Грэнландыі, на Шпіцбергене і інш. У Еўропе існавала да сярэдзіны міяцэну.
Склалася на аснове трапічнай флоры мелавога перыяду ва ўмовах масавага пашырэння пакрытанасенных, развіцця лістападнай расліннасці. У арктатрацічнай флоры былі пальмы сабаль, хлебнае дрэва, эўкаліпт, фікус, камфарны лаўр, пазней гінкга, магнолія, платан, каштан, грэцкі арэх, бук, дуб, вяз, вярба, таполя, арэшнік і інш. Па меры пахаладання адбывалася замяшчэнне раслін менш цеплалюбнымі, фарміравалася сучасная занальная расліннасць. Арктатрацічная флора паслужыла асновай для фарміравання сучаснай флоры Еўразіі і Паўн. Амерыкі.
т. 1, с. 480
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)